Школьныя годы - цудоўная пара


Экспазіцыя “Школа ўчора, сёння, заўтра”



Добры дзень. Вас вітае краязнаўчы музей “Спадчына” Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы. (Гучыць званочак).
Звон такога званочка  калісьці запрашаў вучняў на ўрокі. А зараз такім званочкам мы запрашаем усіх наведвальнікаў на кароткі відэанарыс па адной з пастаянна дзеючых экспазіцый нашага школьнага музея “Школьныя гады – цудоўная пара”. (Экскурсавод адчыняе дзверы ў пакой школьнага музея і запрашае на экскурсію.) Калі ласка.
Першыя звесткі аб Круцілавічах, Данілавічах і прылягаючых да іх вёсак,  як пастаянных населеных пунктах, з’явіліся ў XVII-XVIII стагоддзях. Як вядома, народ заўсёды цягнуўся да ведаў, але на працягу пэўнага часу на тэрыторыі мікрараёна школы адукацыя была даступная толькі адзінкам. Масавым гэты працэс стаў дзякуючы савецкім рэформам і дэкрэтам, накіраваным на ліквідацыю непісьменнасці. У той час спецыяльна прыстасаванага пад школу будынка не было. Таму ўрокі праходзілі па пэўнай дамоўленасці ў хатах мясцовых жыхароў: Сёмухі Івана Іванавіча, Кавальчука Аляксандра Купрыянавіча, Дзмітрычэнка Сямёна Нілавіча. Гэтыя хаты захаваліся да нашых часоў. У дадзенай экспазіцыі прадстаўлены фотаздымкі гэтых хат. З-за недахопу настаўнікаў часам гэтыя заняткі праводзілі звычайныя сяляне, якія валодалі пісьменнасцю. У 1942 годзе пад уплывам фашысцкага рэжыму са Смаленскай вобласці ў вёску Круцілавічы была пераселена сям’я Дзмітрычэнка Сямёна Нілавіча і сам Сямён Нілавіч і яго жонка Зінаіда Мяфодзьеўна мелі педагагічную адукацыю, якую атрымалі ў педагагічным вучылішчы горада Веліж Смаленскай вобласці. Дзякуючы іх значным намаганням, вучэбны працэс прыняў больш арганізаваную форму. І ў 1944 годзе  была створана Данілавіцкая няпоўная сярэдняя школа (сямігодка), якая па-ранейшаму тулілася ў хатах мясцовых жыхароў. У першы клас тады пайшло 72 вучні, сярод якіх быў Груда Эдуард Іосіфавіч. З улікам таго, што падрыхтаванасць дзяцей была розная, класы былі рознаўзроставыя. У канцы 40-ых гадоў пачалося будаўніцтва будынка  Данілавіцкай няпоўнай сярэдняй школы. У час вайны нямецкімі акупантамі быў выразаны і вывезены ўвесь зрэлы лес, таму ў якасці будаўнічых матэрыялаў выкарыстоўвалася драўніна з разабраных сялянскіх хлявоў, аб чым сведчыць вось гэты архіўны дакумент. У 1961 годзе ў вёсцы Круцілавічы была створана пачатковая школа, куды прапанавалі перайсці дырэктарам Дзмітрычэнку Сямёну Нілавічу, яна праіснавала да 1973 года. Першымі настаўнікамі акрамя Дзмітрычэнка Сямёна Нілавіча была яго жонка Зінаіда Мяфодзьеўна, Чабоцька Ганна Ўладіміраўна і Кулеш Ірына Казіміраўна. Пасля пераходу Сямёна Нілавіча ў Круцілавіцкую пачатковую школу, Данілавіцкую няпоўную сярэднюю школу ўзначаліў Нікалайчанка Іван Максімавіч. У 1963 годзе яна была рэарганізавана ў сярэднюю школу. У 1964 годзе, для ўсёй той часткі мясцовага насельніцтва, якая ў звычайнай школе не магла атрымаць адукацыю, была створана вячэрняя школа, якая праіснавала 5 гадоў. У 1973 годзе Круцілавіцкая пачатковая школа была зачынена і ўсе вучні і настаўнікі перайшлі ў Данілавіцкую сярэднюю школу. У 1992 годзе быў пабудаваны сучасны будынак Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы, якую ў той час ўзначальвала Акуновіч Марыя Рыгораўна. У 2004 годзе пад час добраўпарадкавання вёскі Круцілавічы, будынак нашай школы набыў новы эстэтычны выгляд. Акрамя вышэй упамянутых дырэктараў у свой час Круцілавіцкую школу ўзначальвалі Якуцін Іосіф Фёдаравіч, Лазовік Яўген  Іосіфавіч, Ракач Мікалай Мікалаевіч, Буйко Мяфодзій Аляксеевіч, Красачка Міхаіл Іосіфавіч, Пяцэвіч Ганна Браніславаўна, Стульба Галіна Васільеўна, Лашкоўская Марына Яўгенаўна, Гузоўскі Сяргей Аркадзьевіч.
За ўсе часы свайго існавання наша школа выдала пуцёўку ў жыццё звыш паўтары тысячы вучням. Па-рознаму склаўся іх лёс пасля заканчэння школы. Адны засталіся на сваёй малой радзіме, і ўсё жыццё ўносілі і ўносяць свой ўклад у яе дабрабыт. Жыццёвыя дарогі другіх аказаліся значна даўжэйшымі, рознымі аказаліся і вышыні, якіх яны дасягнулі. 13 выпускнікоў нашай школы атрымалі пасведчанне з адзнакай, з іх 9 з залатым медалём і 4 з сярэбраным. Сярод іх Акуновіч Іван Іванавіч, які скончыў школу з залатым медалём у 1999 годзе, паступіў у Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт і для атрымання моўнай практыкі па дзяржаўнай праграме абмену студэнтамі трапіў у ЗША, дзе вырашыў працягнуць вучобу далей. Спачатку скончыў каледж, потым у 2010 годзе Мінісотскі медыцынскі ўніверсітэт і звязаў сваё жыццё з навукай. Праводзіць даследаванні ў галіне генэтыкі і фармацэўтыкі.
У 1951 годзе  Данілавіцкую няпоўную сярэднюю школу скончыў Груда Эдуард  Іосіфавіч. Эдуард  Іосіфавіч нарадзіўся 28 лістапада 1936 года ў вёсцы Данілавічы Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1954 годзе паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на фізіка-матэматычны факультэт, пасля заканчэння якога быў накіраваны на работу ў інстытут матэматыкі і вылічальнай тэхнікі Акадэміі навук БССР. У гэтай галіне Эдуард Іосіфавіч дасягнуў значных поспехаў, якія вельмі імкліва развіваліся. У 1965 годзе - кандыдат фізіка-матэматычных навук, 1966 год -старэйшы навуковы супрацоўнік, 1974 год – доктар фізіка-матэматычных навук, 1990 год – прафесар. Эдуард Іосіфавіч падрыхтаваў да друку і апублікаваў звыш 110 навучных работ. Безумоўна, на гэтым, яго навуковая праца не спынялася б, але зрабілася непапраўнае, 14 кастрычніка 1997 года на 61-м годзе жыццё Эдуарда Іосіфавіча трагічна абарвалася.
Масейка Аксана Аляксандраўна скончыла школу з залатым медалём у 2002 годзе. Вышэйшую адукацыю атрымала ў Гродзенскім універсітэце імя Янкі Купалы на філалагічным факультэце, па заканчэнні якога была накіравана на працу ў Гродзенскае вучылішча алімпійскага рэзерва, дзе працуе па гэты час выкладчыкам замежнай мовы і адказнай за метадычную работу.
Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны мір не назаўжды прыйшоў у хаты нашых землякоў. У 1980 годзе, скончыўшы сярэднюю школу Майсейчык Анатоль Анатольевіч рыхтаваў сябе і маральна і фізічна да тэрміновай службы ва ўзброеных сілах краіны, і ніяк не разлічваў трапіць на вайну. Але атрымалася менавіта так. Цэлы год з 1981 па 1982 год Анатоль Анатольевіч выконваў свой інтэрнацыянальны абавязак у складзе абмежаванага кантынгента узброеных сіл СССР у Афганістане. За ўдзел у баявых дзеяннях узнагароджаны дзяржаўнымі ўзнагародамі афганскага ўрада. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў сваю родную вёску, стварыў сям’ю, выгадаваў дзяцей, гадуе і ўнукаў. Як належыць сапраўднаму герою сціпла і без пафаса нясе сваё ганаровае званне воін-інтэрнацыяналіст.
Адным з выпускнікоў нашай школы, якім мы вельмі ганарымся, з’яўляецца Жых Аляксандр Міхайлавіч. Атрымаўшы ў спадчыну ад бацькі, настаўніка музыкі ў Круцілавіцкай сярэдняй школе, Жыха Міхаіла Міхайлавіча музычныя здольнасці, ён усебакова іх развіваў. Спачатку ў музычнай школе і школьным эстрадным ансамблі “Ангелы”, потым у Лідскім музычным вучылішчы, а вышэйшую адукацыю атрымаў у Інстытуце Культуры ў Мінску. Ён аказаўся адным з нямногіх студэнтаў, які мог іграць амаль на ўсіх старадаўніх музычных інструментах і меў неабходныя вакальныя дадзеныя. Менавіта такі юнак быў патрэбны беларускаму дзяржаўнаму ансамблю “Песняры”. Паспяхова прайшоўшы кастынг у 2006 годзе, Аляксандр Міхайлавіч быў прыняты ў састаў гэтага легендарнага ансамбля. Гасцюючы ў бацькоўскай хаце, Аляксандр Міхайлавіч з’яўляецца частым госцем у нашым краязнаўчым музеі. На гэтым фотаздымку адлюстраваны адзін з такіх візітаў, дзе Аляксандр Міхайлавіч перадае кіраўніку музея прадметы, якія адлюстроўваюць яго творчаць.
Пачуццё гонару нас перапаўняе і пры ўспаміне асобы Дзмітрычэнка Ігара Сямёнавіча. Нарадзіўся Ігар Сямёнавіч 1 студзеня 1937 года ў горадзе Веліж, Смаленскай вобласці. У 1943 годзе разам з бацькамі трапіў у Беларусь, а ў 1944 годзе пайшоў у першы клас Данілавіцкай няпоўнай сярэдняй школы. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Наваельнянскай сярэдняй школе. З 1955 па 1959 год вучыўся ў Беларускім дзяржаўным інстытуце фізічнай культуры, быў членам зборнай БССР, рэкардсменам рэспублікі па бегу на 400 метраў. У 1963 годзе атрымаў званне “Майстар спорту СССР”. З’яўляецца трохкратным чэмпіёнам сярод чыгуначнікаў па бегу на 400 метраў. З 1965 па 2012 год працаваў ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А. С. Пушкіна, старэйшым выкладчыкам, дацэнтам і загадчыкам кафедры фізічнага выхавання. З 1994 года з’яўляецца заслужаным трэнерам Рэспублікі Беларусь і суддзёй вышэйшай нацыянальнай катэгорыі па лёгкай атлетыцы. Зараз жыве ў Брэсце, знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Бываючы на Радзіме, часта наведвае нашу ўстанову. Гэта сустрэча з выпускнікамі і, безумоўна, наш краязнаўчы музей.
Кожны з тых настаўнікаў, якія працавалі і працуюць у нашай школе, вартыя слоў пашаны. Асабліва хочацца звярнуць увагу на педагагічныя дасягненні Рысюк Раісы Іванаўны і Дзмітрычэнка Зінаіды Мяфодзьеўны, якія аддалі школе ўсе гады з першага запісу ў працоўнай кніжцы да выхаду на пенсію. За сваю плённую працу па навучанні і выхаванні маладога пакалення яны маюць значныя ўзнагароды, найвялікшай з якіх, на іх думку, з’яўляецца выдатнік адукацыі.
На працягу свайго існавання, школа выконвае значную сацыяльную функцыю. Акрамя выхавання і навучання гэта падрыхтоўка і ўдзел у культурна-масавых мерапрыемствах, пошукавая і валанцёрская работа, шэфская работа ў мясцовым калгасе (цяпер ААТ “Граніт-Агра”) і нават будаўніцтва такога буйнога аб’екта, як свінагадоўчы комплекс, не абышлося без вучняў нашай школы.
У дадзенай экспазіцыі сабрана нямала каштоўных дакументаў, якія адлюстроўваюць гісторыю школы і працоўную дзейнасць настаўнікаў.  Дакументы аб заканчэнні навучальных ўстаноў, працоўныя кніжкі, узнагароды, фотаздымкі, якія адлюстроўваюць школьнае жыццё і групавыя фотаздымкі амаль што ўсіх выпускаў, падручнікі і мастацкая літаратура  40-ых – 60-ых гадоў – сімвалы, якія адлюстроўваюць камуністычную ідэялогію, акцябратскія, піянерскія і камсамольскія значкі, задачы саюза моладзі, прылады гуртка “Юны фатограф”, дзякуючы існаванню якога захавалася нямала фотаздымкаў, прадметы, якія адлюстроўваюць хобі вучняў тых часоў: паштовыя маркі, значкі, каляндарыкі, паштоўкі, абсталяванне, якое калісьці выкарыстоўвалася ў вучэбным  і працэсе, мікраскоп і прыбор для прагляду дыяфільмаў.
Усё, што я вам паведаміла, адлюстроўвае мінулае і сучаснае нашай школы. А калі разважаць пра яе будучыню, то трэба пачынаць з дэмаграфічнай сітуацыі мікрараёна нашай школы і, калі яе прааналізаваць, то можна зрабіць вывад, што яна характарызуецца як дэмаграфічны крызіс і, як след, змяншэння колькасці вучняў у школе. Будзе вельмі сумна, калі праз пэўны час дзверы нашай школы назаўсёды зачыняцца, зрабіўшы яе гісторыяй. Але будзем спадзявацца на лепшае, што гэты званок (гучыць званок) яшчэ вельмі доўга будзе збіраць вучняў за партамі. І сярод іх вырасце не адзін прафесар, мастак, пісьменнік, вялікая колькасць добрых, спагадлівых людзей, сапраўдных грамадзян сваей айчыны. А вось гэты званочак (звоніць ў званочак) яшчэ доўга будзе збіраць наведвальнікаў на экскурсію па гэтай экспазіцыі.

Комментариев нет:

Отправить комментарий